У Брэсце незалежная журналістка судзіцца з інтэрнэт-тролем

Фотажурналістка Мілана Харытонава падала позву ў суд на супрацоўніка газеты гарвыканкама “Брестский вестник” Уладзіміра Міневіча. Фотарэпартаж з акцыі дэмактывістаў “Хопіць друкаваць фанцікі” на партале "Віртуальны Брэст" і каментары да яго з'явіліся яшчэ сёлета ў сакавіку. Пасля амаль паўгадовай праверкі міліцыя вылічыла, што менавіта Міневіч размясціў пад матэрыялам Харытонавай абразлівыя, на погляд журналісткі, каментары.

У позве Харытонава адзначыла, што словы, якімі ён яе назваў, не адпавядаюць рэчаіснасці, зневажаюць яе гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Як паведаміла Мілана Харытонава ў каментары Еўрарадыё, гэта ўжо не першы выпадак "тролінгу" незалежных журналістаў з боку іх дзяржаўных "калег".

Харытонава: "У самой газеты ўжо такая адпаведная рэпутацыя, што яны папросту ганьбяць незалежныя СМІ. Таму, можа быць, гэта не ініцыятыва аднаго супрацоўніка, а цэлая такая рэдакцыйная палітыка ці нейкая прафесійная дэфармацыя, калі чалавек і на працы гэтым займаецца, і па-за працай прыходзіць дадому — і яму карціць зрабіць непрыгожыя заявы".

Разгляд скаргі незалежнай журналісткі абудзецца ў судзе Маскоўскага раёна Брэста. Апроч кампенсацыі за маральную шкоду і судовыя выдаткі, Харытонава патрабуе ад Міневіча зрабіць абвяржэнне на старонках партала "Віртуальны Брэст".

Фота — virtual.brest.by