Брэсцкія праваабаронцы лічаць справу Віталя Каўша сфальсіфікаванай

Юрыст-міжнароднік Раман Кісляк патлумачыў:

Кісляк: "Нашым першым крокам будзе зварот у Генеральную пракуратуру. Трэба разбірацца. Калі такая фальсіфікацыя ёсць, то, адпаведна, павінна быць і крымінальная справа. Сітуацыя ў судах з працэдурнымі парушэннямі катастрафічная. У справе Каўша яны выразна бачныя. Ёсць парушэнні працэдуры, недахопы — суд паслухае, і ўсё. “Мы ацэнім”. Вось і ацанілі. Няхай шукаюць іншыя доказы, няхай шукаюць рэальных віноўнікаў".

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін лічыць, што ў  справе ёсць падлог дакументаў: пры капіяванні пашпартоў індусаў-нелегалаў з нейкай мэтай закрылі іх подпісы. Таксама ён кажа пра масавае капіяванне тэкстаў пратаколаў, так што супадалі нават памылкі і асаблівасці друку. 8 індусаў былі запісаныя ў пратаколах як 60 з-за розніцы ў арфаграфіі, датах нараджэння і інш.

Нагадаем, на аснове гэтай супярэчлівай, на думку праваабаронцаў, базы абвінавачання грамадскі актывіст Віталь Коўш атрымаў 4 гады турмы з канфіскацыяй маёмасці за арганізацыю нелегальнай міграцыі. Нібыта ён у траўні 2012 года дапамагаў мігрантам па канаце прайсці над беларуска-польскай мяжой.

Дарэчы, на прэс-канферэнцыі прысутнічала жонка асуджанага Жанна Коўш. Камітэт па правах чалавека ААН прыняў да разгляду справу “Жанна Коўш супраць Рэспублікі Беларусь”. Яна тычыцца пераследу жанчыны некалькі гадоў таму. Не выключана, што арышт і асуджэнне Віталя Каўша звязаныя з непрыемным для беларускіх уладаў разглядам, мяркуе Раман Кісляк.