Брэстаўчане выставілі каля свайго дома “Жывы шчыт” (фота)
Яны не пускаюць будаўнікоў аптэкі. Людзі не згодныя з тым, што забудоўваецца месца між калонамі 8-павярховага дома на вуліцы “Набярэжная Францыска Скарыны”.
Акцыя прайшла без затрыманняў. Будаўнічая тэхніка не прыехала. Жыхарка дома Ірына Леванюк патлумачыла ў каментары Еўрарадыё:
Леванюк: "Гэта пачварнае парушэнне правоў чалавека. Мы выкупілі ў дзяржавы кватэры. Тэрыторыя, патрэбная для абслугоўвання дома, належыць нам. Па-другое, каб забраць гэтую зямлю, патрэбен наш дазвол, і аптэка павінна выплаціць кампенсацыю за карыстанне зямлёй. Па-трэцяе, раёну больш за сорак гадоў, мы маем статус, і любое будаўніцтва тут можа адбыцца толькі пасля грамадскага абмеркавання".
Жыхары кажуць таксама пра аварыйны стан дома, які быў пастаўлены на балоцістай глебе без паляў. У 2005 годзе ў яго сценах з'явіліся расколіны. Падмурак мусілі ўмацоўваць. Адвальваецца плітка ў санвузлах. Будаўніцтва аптэкі можа прывесці да абвалу дома, лічаць жыльцы.
Аптэку расійскай сеткі “Формула жыцця” пачалі будаваць летам. Будоўлю планавалі закончыць у кастрычніку, але замінаюць пратэсты. Аднойчы забудова была прыпыненая рашэннем суда.
Забудоўшчык спасылаецца на дазвол гарвыканкама. Чыноўнікі выйгралі суды, матывуючы тым, што ўладальнікі кватэр не аб’яднаныя ў жыллёвы спажывецкі кааператыў, і зямля пад домам належыць гарадскому камунгасу.


