Брэстаўчане адлічылі "Гадзіну Зямлі" (фота)

Роўна на 60 хвілін пляцоўка перад ЦУМам пагрузілася ў цемру для выступу эксперыментальнага тэатра Etere. Паглядзець на вогненнае шоу сабралося не менш за 200 чалавек.

“Гадзіна Зямлі” праводзіцца праз тыдзень пасля надыходу вясновага раўнадзенства, калі працягласць дня і ночы ў абодвух паўшар'ях зраўнялася. Кожны год каля 2 мільярдаў чалавек выключаюць святло на 1 гадзіну, каб выказаць сваю занепакоенасць небяспечнымі наступствамі змянення клімату.

У Брэсце акцыя адбываецца ў трэці раз. У параўнанні з мінулым разам мерапрыемства прайшло без інцыдэнтаў. Год таму міліцыя спыніла выступ вулічных музыкантаў. Сваімі дзеяннямі яны нібыта "парушылі парадак правядзення масавых мерапрыемстваў".