Брэсцкі суд прызнаў брашуру Алены Гнаук экстрэмісцкай

Аўтарка брашуры “Асаблівае меркаванне, або Зварот хрысціянкі”, жыхарка вёскі каля Брэста Алена Гнаук тлумачыць такі паварот ціскам спецслужбаў:

Гнаук: "Папросту чалавечы страх, страх перад уладай, перад КДБ, які ініцыяваў гэтую справу, узяў верх над Законам Божым. Але на гэтым справа не скончаная. Усе, хто за ёй сочаць, хутка даведаюццца аб працягу. Ён будзе цікавы".

У касацыйны суд Алена Гнаук звяртацца не збіраецца. Жанчына кажа, што не знайшла грошы на экспертызу. Да таго ж яна лічыць, што суды падпарадкаваныя ўладзе.

Нагадаем, суддзя Брэсцкага раённага суда Уладзімір Шаламіцкі першапачаткова адхіліў высновы экспертызы мясцовага ўніверсітэта і накіраваў брашуру ў камісію па процідзеянні прапагандзе парнаграфіі, гвалту і жорсткасці пры Брэсцкім аблвыканкаме. Калі тая адмовілася ад працы, суддзя пагадзіўся на экспертызу Акадэміі навук. Тая ацаніла працу ў 6 мільёнаў рублёў.

У брашуры, разасланай увесну ў дзяржаўныя органы кіравання, Алена Гнаук заклікае чыноўнікаў пакаяцца і прапануе механізм вяртання ўлады народу. Прызнаць яе брашуру экстрэмісцкай прапанавала КДБ Брэсцкай вобласці.