Чаму БТ не пакажа выязныя матчы БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў?
Выязныя матчы беларускіх футбольных клубаў у еўракубках можна будзе пабачыць не раней за стадыю плэй-оф.
13 ліпеня БАТЭ стартуе ў еўракубках матчам 2-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў супраць паўночнаірландскага “Лінфілда”. Але гульню чэмпіёнаў Беларусі, якая пройдзе ў Белфасце, нашы аматары футбола пабачыць не змогуць. Дырэктар дырэкцыі спартовага вяшчання Зінаіда Рунц кажа, што матчы на гэтых стадыях не маюць вялікай цікавасці.
“Гэтая пачатковая стадыя не карыстаецца вялікім попытам. Цікавасць павышаецца тады, калі нешта вырашаецца – напрыклад, выхад у групу. Я размаўляла з клубам “Шахцёр”. Яны праваўладальнікі трансляцыі матчу з “Вентспілсам”. І латышы адмовіліся трансляваць гэтую гульню”.
Зараз “Белтэлерадыёкампанія” мае правы на трансляцыі ўсіх матчаў беларускіх клубаў, пачынаючы з групавой стадыі Лігі Еўропы і плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. На ранейшых стадыях будуць паказвацца толькі хатнія гульні. Але Рунц не выключае, што могуць быць нейкія змены.
Так, у мінулым годзе ў плэй-оф Лігі Еўропы мінскае “Дынама” трапіла на “Бруге”, і гэты матч з-за вялікай цікавасці гледачоў паказалі па тэлебачанні.
Па словах Рунц, трансляцыі еўракубкавых матчаў не звязаныя з фінансавымі складанасцямі. Але заўважыла, што валюту трэба выкарыстоўваць рацыянальна.
“Тут не залежыць ад таго, ёсць валюта ці няма. Калі ёсць валюта, яе трэба выкарыстоўваць рацыянальна. Напрыклад, для аматараў спорту будзе цікава паглядзець чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы. Таму трэба быць руплівым гаспадаром і ведаць, на што траціць свае грошы”.
Зінаіда Рунц кажа, што ў 2008 годзе паказвалі матчы БАТЭ на ранніх стадыях, бо да таго беларускія клубы так паспяхова не выступалі. Цяпер жа ў дырэкцыі спартовага вяшчання не сумняваюцца, што хоць адзін беларускі клуб трапіць у групавы турнір Лігі чэмпіёнаў ці Лігі Еўропы.
На пытанне, ці будзе транслявацца гасцявая гульня БАТЭ ў наступным раўндзе ў выпадку перамогі над “Лінфілдам”, Рунц адказаць не змагла.
Фота: goals.by