“Часам візы з’яўляюцца прыніжальнымі для беларусаў”
Падчас дыскусіі “Беларусь у еўрапейскім кантэксце” у Вільні закранулі візавае пытанне, а таксама супрацоўніцтва ЕС з афіцыйным Мінскам.
На думку прадстаўніцы польскага інстытута замежных спраў Ганны Марыі Дынер, ЕС мусіць пашыраць падтрымку беларускіх незалежных СМІ і праваабарончых арганізацый. Але ў той жа час нельга адмаўляцца ад спробаў наладзіць супрацоўніцтва з афіцыйнымі ўладамі краіны.
Ганна Марыя Дынер: “Калі Лукашэнка нам не падабаецца і мы не ўспрымаем яго як прэзідэнта, мусім думаць аб тым, што з пункту гледжання аўтарытарнага рэжыму ён з’яўляцца нашым партнёрам. Мы павінны падумаць аб наладжванні стасункаў з уладамі на палітычным узроўні. ЕС не павінен грэбаваць замежнай палітыкі, асабліва з пункту гледжання развіцця дэмакратыі”.
Таксама Ганна Марыя Дынер звярнула ўвагу на візавае пытанне. Яна мяркуе, што візавая працэдура для беларусаў павінна быць спрошчаная.
Ганна Марыя Дынер: ”Калі я прыязджала ў Мінск, часта заўважала, што людзі засмучаныя сітуацыяй з візамі. Візы з’яўляюцца не толькі неспрыяльнымі, а таксама ў некаторых выпадках і прыніжальнымі”.
Па словах Ганны Марыі Дынер, з павелічэннем крызіса ў еўразоне Еўропа стала страчваць “усходні складнік” сваёй палітыкі. У той жа час Беларусь апынулася ў палітычнай і эканамічнай залежнасці ад Расіі.
Гаворачы пра Еўразійскі саюз, Ганна Марыя Дынер адзначыла, што гэта ўтварэнне “уяўляе праблемы для ЕС”.