Часопісу "Arche" не дазволілі перарэгістравацца ў Беларусі
Выконваючы абавязкі галоўнага рэдактара выдання Алесь Пашкевіч не выключае, што часопіс пачне выходзіць у замежжы.
Нагадаем, восенню ў "Arche" пачаліся праблемы, праводзілася праверка Дэпартаментам фінансавых расследаванняў, быў заблакаваны рахунак. Ужо былы галоўны рэдактар Валерый Булгакаў з'ехаў за мяжу.
У гэтай сітуацыі рэдакцыя паспрабавала перарэгістравацца. Заснавальнікам і выдаўцом выдання планавалася таварыства з абмежаванай адказнасцю "Гайсак". Аднак Міністэрства інфармацыі адмовіла з-за "неадпаведнасці заяўленага галоўнага рэдактара кваліфікацыйным патрабаванням". У Пашкевіча не аказалася пяцігадовага стажу працы "на кіраўнічых пасадах адпаведнага профілю".
"Мы вырашылі абнавіць рэдакцыю — у надзеі аднавіць нармальны выхад часопіса”, — цытуе словы Алеся Пашкевіча прэс-службе Беларускай асацыяцыі журналістаў. — Пакуль што нашы спадзевы не спраўдзіліся. Але ў любым выпадку мы на гэтым не спынімся. Мы не выключаем і варыянту выхаду часопіса за межамі Беларусі”.
Фота — gs.by