"Чаўнакі" прыдумваюць новыя штукарствы, каб патрапіць за мяжу

Еўрарадыё: Што адбываецца сёння на мяжы?

Ругайн: “Сёння на мяжы досыць невялікая чарга прыкладна з сарака аўтамабіляў, але стаяць яны не на самым памежным пераходзе, а пры ўездзе на прамую трасу, якая вядзе да памежнага перахода. Назіраю тут УАЗік з АМАПам і супрацоўніка мытні, які прапускае па некалькі машын, каб на самой мяжы не збіралася шмат аўтамабіляў. Непасрэдна на мяжы знаходзіцца яшчэ адзін УАЗік з АМАПам. То бок, мяжу ахоўваюць. У прынцыпе сітуацыя спакойная, але ў адрозненні ад учарашняга дня машын больш”.

Еўрарадыё: Можа сёння машын больш, бо мінула пяць дзён з іх апошняй паездкі ў Польшчу, а заўтра ізноў будзе пуста?

Ругайн: “Так, у некаторых людзей сапраўды мінула пяць дзён з моманту апошняга перасячэння мяжы, але ў некаторых пяці дзён не мінула. Іх разварочваюць, і яны едуць назад. Тут у чарзе распавядалі, што некаторыя кіроўцы дамаўляюцца, садзяць за руль чалавека з правамі, а самі едуць у якасці пасажыра. У кагосьці атрымалася такім чынам перасекчы мяжу, а ў кагосьці не”.

Еўрарадыё: Якія настроі ў людзей, з якімі ты размаўляў на мяжы? Наракаюць яны на сітуацыю, ці пагадзіліся з новымі абмежаваннямі?

Ругайн: “Зразумела, што людзі наракаюць на сітуацыю. Многія баяцца размаўляць. А некаторыя спрабуюць праехаць наўдачу. У чарзе таксама жвава абмяркоўваюць нараду, якая адбылася ў выканкаме, на якой якраз прымалася рашэнне і абмяркоўвалася сітуацыя з правозам бензіна. Тут мне прыводзілі ў прыклад словы старшыні аблвыканкама, што цяпер не будзе так, як было тры гады таму: прыборы паказваюць, што бак на нулі, а калі укладаеш у яго паперку, ён аказваецца поўным. Зараз будзе нейкая новая сістэма праверкі, ці ёсць у баку паліва ці няма”.