Да галадоўніка Сяргея Каваленкі дапусцілі пастара

Сустрэча адбылася 8 сакавіка. Пастар працытаваў зняволенаму тое месца з Бібліі, дзе патлумачана, дзеля чаго можна ахвяраваць целам: “у ахвяру, якая ўгодная Богу” і для “разумнага служэння вашага”. Але гэтая размова Сяргею Каваленку не спадабалася, ён перапыніў святара і сказаў, што спыніць галадоўку, толькі калі адменяць прысуд і ён вернецца ў сям’ю, перадае Радыё Свабода.

Айцец Эрнст Сабіла за савецкім часам больш як 10 гадоў адбыў у лягерах за свае рэлігійныя погляды. Ён кажа, што шмат бачыў галадоўнікаў, у тым ліку і такіх, якія ішлі да канца. Пастар паабяцаў маліцца за маральны стан Сяргея Каваленкі. Паводле апошніх звестак, зняволены важыў 55 кілаграмаў, у яго пачаліся праблемы з ныркамі, ён горш бачыць і чуе.

Сяргей Каваленка асуджаны на 2 гады і 1 месяц калоніі за нібыта ўхіленне ад “хатняй хіміі”. Тое пакаранне ён у сваю чаргу атрымаў за вывешванне нацыянальнага сцяга на навагодняй елцы ў Віцебску.