Для палітвязня Сяргея Каваленкі не знайшлі цэнзара
Актывіст КХП БНФ па-ранейшаму знаходзіцца ў лякарні "Навінкі".
Сваякі кажуць, што яго там не абследуюць і не дапамагаюць выходзіць з галадоўкі. Сяргей Каваленка не можа ліставацца са сваякамі — у "Навінках" няма цэнзара, які б праглядаў яго карэспандэнцыю, паведамляе Радыё Свабода.
Нагадаем, Сяргей Каваленка ў лютым быў асуджаны на 2 гады і месяц калоніі за парушэнне рэжыму адбыцця хатняй "хіміі" (на яе ён быў асуджаны за вывешаны на галоўнай ёлцы Віцебска бела-чырвона-белы сцяг). Ад снежня 2011-га з перапынкамі ён некалькі месяцаў трымаў галадоўку за кратамі, з якой яго выводзілі прымусова. У красавіку Каваленка быў накіраваны на прымусовую псіхіятрычную экспертызу, якая мусіць працягвацца 24 дні.