Два беларусы сталі аўтарамі рэкламнай ідэі ў Брытаніі

Арцём Ставенка — студэнт універсітэцкага каледжа Лондана. Яго партнёр Кірыл Чыкеюк вучыцца ў Оксфардзе. А скончылі яны брэсцкі ліцэй № 1 імя Пушкіна ў пачатку 2000-х, піша “Брестская газета”.

З канцэпцыяй светлавой рэкламы на роварах Арцём і Кірыл трапілі ў “Логава цмокаў” — вядомае тэлешоў бізнэс-ідэй на канале ВВС, якое здымаюць раз на год і куды дасылаюць да 10 тысяч заявак.

Тэхналогія светлавой роварнай рэкламы простая: на спіцы колаў усталёўваюцца святлодыёдныя палоскі, і спецыяльная праграма кіруе імі. Пры бесперапынным кручэнні колы ператвараюцца ў табло, на якім ствараецца малюнак — як статычны, так і рухомы. На сайце праекта можна даведацца пра перавагі веларэкламы: ровар з вашай рэкламай можа ездзіць у любым пункце свету па зададзеным вамі маршруце.