“Дынама” і “Гомель” паспрачаюцца за “бронзу” чэмпіянату краіны
10-11 лістапада пройдуць матчы 31-га тура першынства Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі.
Найбольшая інтрыга — матч паміж сталічным “Дынама” і “Гомелем”, які пройдзе 10 лістапада на мінскім стадыёне “Дынама-Юні”. Калі гамяльчане перамогуць, яны гарантуюць сабе як мінімум “бронзу”. Пакуль дзве каманды маюць па 50 ачкоў. “Гомель” на трэцім месцы з большай колькасцю забітых мячоў і з адной гульнёй у запасе.
Таксама сёння, 10 лістапада ў Бабруйску згуляюць аўтсайдэры — мясцовая “Белшына” і мазырская “Славія”. Яшчэ дзве каманды з ніжніх радкоў турнірнай табліцы згуляюць у Брэсце — мясцовы “Брэст” прыме наваполацкі “Нафтан”.
У нядзелю 11 лістапада барысаўскі БАТЭ мае яшчэ адзін шанец датэрмінова стаць чэмпіёнам Беларусі: ён згуляе на сваім поле з “Мінскам”. А салігорскі “Шахцёр” будзе гуляць у Гродне супраць мясцовага “Нёмана”. У выпадку перамогі гарнякі гарантуюць сабе “серабро”.