Экс-прэм'ера Грэцыі хацелі забіць з-за расійскага газу?
Пракуратура Грэцыі пачала крымінальную справу супраць групы неўсталяваных асобаў.
Іх падазраюць у намеры адхіліць ад улады ці ліквідаваць экс-прэм'ера Костаса Караманліса. Гэткім чынам яны меркавалі прадухіліць умацаванне сувязяў паміж Расіяй і Грэцыяй у энергетычнай сферы, перадае РБК.
Паліцыя Грэцыі атрымала дакументы, якія ўскосна сведчаць пра намер нейкіх асобаў зрынуць ці нават забіць Караманліса. Паведамляецца, што дакументы былі перададзеныя расійскімі разведвальнымі службамі.
Мяркуецца, што асноўнай мэтай зламыснікаў было спыніць будаўніцтва газаправоду "Паўднёвы струмень". Чакаецца, што яно будзе завершана ў 2015 годзе, а адна з галінаў газаправоду пройдзе праз Грэцыю ў Італію.
Караманліс займаў пасаду прэм'ер-міністра Грэцыі з 2004 па 2009 год. Менавіта пры ім Грэцыя далучылася да будаўніцтва газаправода "Паўднёвы струмень".
Фота: eglimatikotita.gr