Эксперты-псіхіятры: Канавалаў эгацэнтрык з высокай самаацэнкай

Так, эксперты не маюць падставаў сцвярджаць, што Канавалаў меў паталагічную схільнасць да выбухаў. Таксама ён не мае алкагольнай залежнасці і не пакутуе на псіхічныя захворванні. У падсуднага не было часовых разладжанняў псіхікі. У момант здзяйснення тэракту ён быў у яснай свядомасці і разумеў сэнс сваіх дзеянняў. Ён ведаў, што яму пагражае пажыццёвае зняволенне ці расстрэл, але не казаў пра суіцыдальныя думкі, паведамляе БелаПАН.

На думку псіхіятраў, Канавалаў не пакутуе на разладжанні полавай перавагі, але ў яго слабая ідэнтыфікацыя з мужчынскай роляй. IQ абвінавачанага складае 95. У яго нізкі ўзровень варожасці і сярэдні — агрэсіўнасці. Пры гэтым эксперты лічаць яго эгацэнтрычным і схільным спісваць свае няўдачы на іншых людзей, у яго завышаная самаацэнка

Уладзіслава Кавалёва таксама прызналі псіхічна здаровым. Яго IQ — 114. А ўзроўні агрэсіўнасці і варожасці ў іншага падсуднага нізкія. Эксперты адзначаюць шырыню поглядаў Кавалёва, адсутнасць злапомнасці, прыняцце адказнасці за падзеі ў жыцці на сябе, неканфліктнасць. Малады чалавек можа адмовіцца ад уласных інтарэсаў, калі іншы чалавек мае над ім уладу.