EMIKA прэзентавала дэбютны альбом у Мінску і засумавала
17 снежня брытанская спявачка і прадзюсер Эміка прадставіла мінскай публіцы свой дэбютны альбом пры дапамозе капаэйры і беларускіх музыкаў.
Беларуская публіка засумавала па спакуслівых электрабітах. Добрая магчымасць пагрузіцца ў атмасферу цёмнага даба і ламаных рытмаў з'явілася ва ўсіх, хто трапіў на канцэрт Эмікі ў клуб Re:Publiс – бадай адно з нешматлікіх месцаў, дзе зараз можна зладзіць электронную вечарыну такога шквалістага ўзроўню.
Усе традыцыйна наракалі на гук, але арганізатар Дзмітрый Шапялевіч назваў яго камфортным і правільна выбудаваным: "Ёсць нюансы ў самім памяшканні - але без гэтага ніяк. Можна сказаць, што па гучанні мы зрабілі максімум з таго, што маглі".

Праграма канцэрту была мазаічнай. Падтрымалі брытанку музыкі і ды-джэі з беларускіх праектаў Psher, Code 5, SHUMA, Diamos Roll и Eye-Q. Psher, які выступаў першым, настроіў усіх на па патрэбную хвалю. Code 5 падняў на танцпол і раскачаў. Пазней выступала Руся з этна-электронным праектам Shuma, якая вельмі ўдала ўпісаліся па канцэпцыі і настроі ў фармат мерапрыемства. Падаецца, нават больш, чым падчас фестывалю "Можна". Дадатковае шоў ад беларускага клуба капаэйры "Ficag.by" было спробай прыцягнуць яшчэ крыху ўвагі пасля выступу госці з Туманнага Альбіёну, а пазней гледачоў чакалі жывыя сэты ад Eye-Q і Dimos Roll. У апошняга ўзніклі тэхнічныя праблемы з камп’ютарам, з-за чаго яму не ўдалося адыграць праграму цалкам, але, не гледзячы на пэўныя нюансы, кожны ўдзельнік так ці інакш быў заўважаны.

Нягледзячы на некаторыя шурпатасці ў арганізацыі, Дзмітры Шапялевіч упэўнены, што усё атрымалася: "Асабіста я задаволены цалкам – склад выступоўцаў быў вельмі ўдала падабраны,ўсё звязалася ў прыгожы малюнак, нягледзячы на тое, што мы хваляваліся за фармат, бо усё было досыць разнапланава і зусім незвычайна для нашага горада. Але, падаецца, абсалютна кожны змог для сябе знайсці нешта цікавае".

Цымус Эмікі не толькі ў тым, што яна супрацоўнічае з культавым лэйблам Ninja Tune, і нават не тое, што крытыкі яе прызналі адной з самых шматабяцальных зорак электроннай сцэны. Спявачка дакладна ведае, чым захапіць публіку, – шчырасць і прастата. Без віджэінга і дадатковых наваротаў, праз свой далікатны шчымлівы голас, які пераходзіў у шэпт, рух сцёгнаў і сінтэзатар, яна рабіла на танцполе "Рэпабліка" сэкс-рэвалюцыю. Перажыўшы цяжкую хваробу, пакуты і адзіноцтва, спявачка прывезла да нас сапраўднае прасвятленне. "Сэкс, сэкс, сэкс" - гэта тое, што крычалі фанаты.

Жывая і запісаная Эміка моцна розняцца. Тым жа, хто раней не чуў гэты брытанскі феномен, было цяжка зарыентавацца, што рабіць на танцполе: глядзець на яе, слухаць ці танцаваць. Больш за гадзіну яна адказвала на гэтае пытанне. Усё проста - трэба слухаць сябе.
Гэта не звычайны брутальна-змрочны біт, які запаўняе вакуум і цемру навокал, ад якога ўсе дрыжыць і хочацца схавацца. Яе музыка вышэй за стылі – гэта мяшанка дабстэпа, тэхна і трып-хопа з больш выяўленай басавай лініяй і своеасаблівай атмасферай.

Нехта паспеў заўважыць, што музыка Эмікі другасная і з'яўляецца пародыяй на вядомых старажылаў Enigma i Enya. З іншага боку, у творчасці спявачкі можна пачуць нават уплыў Portishead. А можа гэта і да лепшага: было ад каго браць і натхняцца.
Увесь сэт Эміка трымала шчыльную сувязь са слухачом. Тройчы выходзіла на біс, а напрыканцы з засмучэннем заўважыла, што ў яе проста не засталося песень. Нехта палез на сцэну цалавацца, дарыць кветкі і, вядома ж, зладзіў фірменны мінскі стэйдж-дайвінг, пасля чаго яна сама не вытрымала і пайшла абдымацца з натоўпам, які цягнуў да яе рукі і прасіў сыграць што-небудзь яшчэ. Але спявачка раскідала ўлёткі, сказала “спасибо” зале і сышла.

Эміка заінтрыгавала сталічную публіку. На наступным дзень на сваёй старонцы ў Фэйсбуку яна напісала: "Monday blues, i miss you all in Minsk". Такога яна не напісала ні пра адзін са сваіх апошніх канцэртаў, якія, дарэчы, прайшлі ў Нідэрландах і Расіі.
.jpg)
У розыгрышы квіткоў на канцэрт нямецкага гурта JAHCOOZI 21 студзеня пераможцам стаў Міхаіл (нумар тэлефона заканчваецца на 1898), якога абрала сама EMIKA непасрэдна пасля мерапрыемства. Нагадаем, яна павінна была абраць слоган, які больш падыходзіць да апісання яе музыкі.