Эстонія узмоцніць падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі

за кошт развіцця супрацоўніцтва і з выкарыстаннем магчымасцяў у тым ліку ў рамках праграмы ЕС "Усходняе партнёрства".

Аб гэтым заявіў сёння кіраўнік эстонскага МЗС Урмас Паэт.

"Эстонія прапануе стыпендыяльныя праграмы для навучання ў эстонскіх універсітэтах для тых студэнтаў, якія вучыліся ў беларускіх ВНУ і былі адлічаныя па палітычных матывах", — цытуе міністра прэс-служба эстонскага МЗС.

Апроч таго, Эстонія можа арганізаваць навучанне па вядзенні інтэрнэт-старонак і парталаў для супрацоўнікаў незалежных інтэрнэт-выданняў.

У заяве кіраўніка знешнепалітычнага ведамства зноў прагучала шкадаванне, "што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі завяршыліся ужываннем сілы і арыштамі беларускіх дэманстрантаў, апазіцыйных кандыдатаў і іх прыхільнікаў, а таксама журналістаў. Такое развіццё падзеяў не адказвае дэмакратычным каштоўнасцям".