Фанаты "Мінска" распавялі пра "карнікаў" з АМАПа

Як гаворыцца ў лісце, у адзін з кульмінацыйных момантаў інцыдэнта "дзеля супакаення сітуацыі ўключыўся атрад спецыяльнага прызначэння. Абсалютна ўсе ў звышжорсткай форме, пры дапамозе дубінак, былі ўкладзеныя тварамі ўніз. Усё гэта суправаджалася збіваннем ні ў чым не вінаватых людзей".

Фанаты апісваюць і сваё знаходжанне ў Ленінскім РУУС г. Магілёва, куды яны былі дастаўленыя дзеля разбору і дзе прабылі больш за чатыры гадзіны.

"Усе шляхі па калідорах на допыты і відэафіксацыі суправаджаліся беспадстаўнымі збіваннямі, здзекамі з боку супрацоўнікаў АМАПа. Удары на сябе прымалі як 15-16-гадовыя дзеці, гэтак і дарослыя людзі, узросту бацькоў гэтых "карнікаў". Усе былі пазбаўленыя мабільнай сувязі. Нікога не хвалявалі турботы бацькоў пра сваіх сыноў.

У пратаколах допытаў факты гвалту, ужывання газу не занатоўваліся. На самыя малыя заўвагі з боку фанатаў наконт несправядлівасці, рэакцыя ў адказ у выглядзе ўдараў дубінкамі і кулакамі.

Наш футбольны клуб "Мінск" не мусіць быць пакараны, за неналежнае забеспячэнне парадку з боку гаспадароў поля ФК "Днепр", а таксама з-за папушчальніцтва і жорсткага абыходжання супрацоўнікаў АМОНа", - адзначаецца ў заяве на сайце fcminsk.com.