Фотафакт: Пётр Рудкоўскі атрымаў узнагароду імя Льва Сапегі

У сценах Варшаўскага універсітэту яе атрымаў беларускі філосаф Пётр Рудкоўскі.

З прывітальным словам перад удзельнікамі ўрачыстасці выступіў маршалак польскага Сенату Богдан Барусевіч. Таксама быў зачытаны прывітальны ліст ад прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага.

Большасць выступоўцаў на ўрачыстасці згадвалі палітвязня Алеся Бяляцкага. У мінулым годзе яму была прысуджана прэмія імя Льва Сапегі. Выказваліся спадзяванні, што ў хуткім часе праваабаронцу вызваляць з турмы і ён зможа асабіста забраць узнагароду.

Нагадаем, прэмію імя Льва Сапегі штогод уручаюць самыя вядомыя польскія ўніверсітэты беларускім навукоўцам і грамадскім дзеячам, якія маюць выдатныя заслугі ў фармаванні і развіцці грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, а таксама ў пабудове незалежнай, дэмакратычнай і праеўрапейскай краіны.

Асноўным складнікам прэміі з'яўляецца магчымасць для лаўрэата цягам навучальнага года займацца даследаваннямі і чытаць лекцыі ў вядомых універсітэтах Польшчы.