Год таму Алесь Бяляцкі трапіў за краты
Цяпер віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік незарэгістраванага цэнтру “Вясна” знаходзіцца ў калоніі.
Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года. Яму выставілі абвінавачанне на падставе часткі 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу РБ — “утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры”. Фармальнай падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала інфармацыя пра яго рахункі ў замежных банках, перададзеная ўладам Беларусі Міністэрствам юстыцыі Літвы ды Генпракуратурай Польшчы. Улады гэтых краінаў публічна папрасілі прабачэння ў Бяляцкага і яго сваякоў, а таксама прыпынілі кантакты з Беларуссю ў межах дамоваў аб прававой дапамозе.
Неўзабаве пасля арышту Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Вызвалення праваабаронцы патрабуюць беларускія і міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і шэрагу іншых краінаў. Сёлета Бяляцкага вылучылі на Нобелеўскую прэмію міра.
4 жніўня 2012 года, у гадавіну арышту кіраўніка “Вясны” адзначаецца Міжнародны Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю і праваабарончым рухам Беларусі, абвешчаны міжнароднай грамадскасцю.