Гродзенскі піўзавод прадаюць за 11 мільярдаў рублёў
Бровар выставяць на аўкцыён 14 сакавіка.
11 мільярдаў — гэта першая цана, з якой выставяць на продаж комплекс будынкаў. Калі першы аўкцыён будзе безвыніковым, то яго правядуць яшчэ тройчы са зніжкай 20, 50 і 70% ад першапачатковага кошту, паведамляе Гродзенскі блог S13.
Калі і пасля гэтага бровар не знойдзе новага ўладальніка, яго прапануюць крэдыторам. І толькі ў выпадку іх адмовы ён пяройдзе ў камунальную ўласнасць.
Нагадаем, што Гродзенскі піўзавод быў заснаваны ў 1877 годзе. Праз 130 гадоў яго зачынілі. У 2008 годзе крэдыторская запазычанасць прадпрыемства складала 2,5 мільёны даляраў, абсталяванне яго фізічна і маральна састарэла.
На месцы бровара меркавалася стварыць гатэльна-забаўляльны комплекс і музей піва.