Ірыне Халіп параілі з'ехаць за мяжу і не вяртацца
Пра гэта журналістка распавяла пасля вяртання з крымінальна-выканаўчай інспекцыі Партызанскага РУУС Мінска.
Нагадаем, што на мінулым тыдні Халіп атрымала дазвол на часовы выезд у Вялікабрытанію да мужа Андрэя Саннікава і ў Маскву ў рэдакцыю "Новой газеты", дзе яна працуе.
Па словах Халіп, якія перадае "Хартыя'97", яна прыйшла адзначацца, згодна з прысудам. Але сёння яе сустрэў начальнік аддзела наглядна-выканаўчай дзейнасці мінскай гарадской міліцыі Аляксандр Купчэня. Міліцэйскі начальнік, кажа Халіп, пачаў крычаць на яе і патрабаваў, каб яна як мага хутчэй з'язджала з краіны: "Вам мяжу адкрылі, а вы не едзеце? Ну прызнайцеся, вы нікуды і не збіраліся. Вы не думалі, што вам дадуць дазвол. А вам, насуперак вашым чаканням, далі. Ну так з'яжджайце! Бярыце дзіця, з'яжджайце, атрымлівайце палітычны прытулак, але не вяртайцеся сюды! Вы тут не патрэбныя! Вы толькі факты скажаеце!".
Халіп лічыць заявы Купчэні грубым парушэннем і не выключае, што падасць заяву ў пракуратуру і на імя міністра ўнутраных справаў. Калі ў дзеяннях Купчэні і няма складу крымінальнага злачынства, то ўжо падставаў для службовага расследавання – больш чым дастаткова, лічыць журналістка.
Фота — svaboda.org