Італьянкі пратэстуюць супраць мімозаў на 8 Сакавіка

У Італіі букет мімозы стаў своеасаблівым сімвалам святкавання 8 Сакавіка. Сёлета гандляры кветкамі падрыхтавалі для свята мільён букетаў з галінкамі гэтай расліны. Аднак цяпер пад лозунгам "Канец мімозам" аб'ядналіся дэпутаткі, грамадскія дзяячкі і простыя грамадзянкі краіны.

Як адзначае onet.pl, прадстаўнікі руху патрабуюць адзначаць Жаночы дзень без празмернай куртуазнасці і пустых рухаў.

Адзін з часопісаў у Калабрыі, на поўдні Італіі, выступіў з шырока падтрыманай ініцыятывай зрабіць апякункамі гэтага свята трох жанчын, якія адкрыта выступілі супраць мафіі ды адначаосва ўласных сваякоў. Гэта Леа Гарафала, якую мафія ўтапіла ў кіслаце, Марыя Канчэта, змушаная да самагубства, і цудам выратаваная Джузэпіна Песчэ, якую хацела забіць уласная сям'я, прыналежная да мафіі.