Кантраляваць Інтэрнэт прымусяць пад пагрозай штрафаў
У Беларусі плануецца ўвесці штрафы за парушэнне асобных патрабаванняў указу пра выкарыстанне Інтэрнэту.
Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці Сяргей Сямашка.
На разглядзе ў гэтай камісіі цяпер знаходзіцца законапраект, які ўносіць папраўкі ў Кодэкс пра адміністрацыйныя правапарушэнні. Абмеркаваўшы дакумент на паседжанні камісіі 3 сакавіка, дэпутаты рэкамендавалі Палаце прадстаўнікоў прыняць законапраект у першым чытанні на вясновай сесіі, якая адкрыецца 4 красавіка.
Мяркуецца, што штраф будзе чакаць юрасоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, калі яны будуць выкарыстоўваць інфармацыйныя сеткі, сістэмы і рэсурсы, змешчаныя за мяжой і не зарэгістраваныя ў нашай краіне, пры аказанні паслуг беларускім грамадзянам.
Штраф плануецца спаганяць таксама ў тым выпадку, калі суб'екты гаспадарання не будуць праводзіць ідэнтыфікацыю карыстальнікаў, улічваць і захоўваць персанальныя дадзеныя.
Плаціць штраф будуць і пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг, якія не абмежавалі доступ карыстальнікаў да інфармацыі, забароненай да распаўсюду ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Для ўсіх трох выпадкаў парушэння патрабаванняў указу №60 прадугледжаны адзіны памер штрафаў - ад 350 000 да 1 050 000 рублёў.