Кардыналы не абралі новага Папу ў першы дзень канклаву
З трубы, усталяванай на даху Сікстынскай капэлы ў Рыме, у аўторак пайшоў чорны дым.
115 кардыналаў Рыма-каталіцкай царквы прагаласавалі ў першым раўндзе канклава і пакуль не змаглі абраць новага кіраўніка Царквы. Наступны тур галасавання адбудзецца ў сераду, 13 сакавіка, адзначае ВВС.
Нагадаем, што да канца галасавання кардыналы застануцца ізаляванымі ў Сікстынскай капэле. Скарыстаныя падчас канклава бюлетэні будуць спалены.
Пачынаючы з серады, кожны дзень будуць адбывацца па два галасаванні. Бюлетэні будуць спальвацца апоўдні і а шостай гадзіне вечара, аж пакуль адзін з кандыдатаў не атрымае 77 галасоў — гэта значыць, большасць у дзве траціны плюс адзін голас. Толькі тады з труб капэлы падымецца белы дым, які азначае абранне 266-га Папы.
Дарэчы, апошнія выбары Папы ў 2005 годзе занялі два дні.
Фота — Reuters