Казахстанскі апазіцыянер знайшоў прытулак у Мінску?
Выдавец апазіцыйнай казахстанскай газеты "Голас рэспублікі" Даніяр Малдашоў, пра знікненне якога было аб'яўлена на мінулым тыдні, быў знойдзены ў Мінску.
Пра гэта паведамляе радыё "Азаттык" (рэгіянальная служба "Радыё Свабода").
Пра тое, што зніклы выдавец знойдзены, распавёў па тэлефоне ягоны брат, які цяпер таксама знаходзіцца ў Мінску. Паводле крыніцы, Даніяр Малдашоў жывы, вяртацца ў Казахстан бліжэйшым часам не збіраецца.
Пра знікненне Малдашова рэдакцыя газеты "Голас Рэспублікі" заявіла 30 сакавіка. Паведамлялася, што выдавец знік неўзабаве пасля вандроўкі ў Маскву і вяртання ў Казахстан. Па вяртанні на яго напалі невядомыя: моцна збілі і скралі нейкія дакументы. У рэдакцыі не выключылі, што Малдашоў быў выкрадзены. У паліцыі, аднак, версію наконт выкрадання не пацвердзілі.
Падчас расследавання паліцыя, якая гутарыла са сваякамі выдаўца, высветліла, што 30 сакавіка ён з'ехаў у Кіеў па асабістых справах, піша ЛЕНТА.РУ.