Крыкуноў: Я гатовы працаваць са зборнай Беларусі, але…

Учора Уладзімір Крыкуноў быў гатовы ўзначальваць хакейную зборную, а сёння прымае запрашэнне ад “Ак Барса”. Але кіраўнік беларускай Федэрацыі хакея Яўген Ворсін гаворыць, што перамовы з Крыкуновым працягваюцца. Еўрарадыё датэлефанавалася да самога трэнера… і той адказаў на ўсе нашыя пытанні.

Еўрарадыё: Чаму вы адмовіліся ўзначаліць зборную Беларусі?

Уладзімір Крыкуноў: Хутчэй за ўсё, трэніраваць адразу дзве каманды не атрымаецца — нават па часе. Сам я заўсёды гатовы працаваць са зборнай, але не ўсё залежыць ад мяне.

Еўрарадыё: Гэта клуб настаяў?

Уладзімір Крыкуноў: Так. Гэта была адна з умоваў працы ў клубе.

Еўрарадыё: Размаўлялі ўжо на гэтую тэму з Федэрацыяй хакея Беларусі?

Уладзімір Крыкуноў: Не. Мы яшчэ не размаўлялі канкрэтна так, што я зусім сышоў. Спрабуем яшчэ вырашыць станоўча пытанне наконт сумяшчэння.

Еўрарадыё: Засмуціліся, што, магчыма, не станеце галоўным трэнерам беларускай зборнай?

Уладзімір Крыкуноў: Для любога трэнера праца са зборнай — гэта вяршыня майстэрства. Але ўсё адразу не зможаш узяць. Аб палітыцы клуба Ворсін ведаў. Я яму сказаў: калі з такім клубам у мяне атрымаецца сумяшчаць, то добра. Але яны могуць паставіць пытанне, што такая праца выключаная. Пакуль так пытанне строга на 100 працэнтаў не стала. У хуткім часе стане дакладна вядома.

Еўрарадыё: Уладзімір Васільевіч, калі б вы трэніравалі зборную, каго б узялі ў якасці памочнікаў?

Уладзімір Крыкуноў: Абавязкова маладых беларускіх спецыялістаў — нехта ж павінен працаваць далей. Але я пакуль не працую з камандай, што казаць. Хацеў бы бачыць Андрыеўскага. Захараў шмат разоў выйграваў чэмпіянат Беларусі, у Гродне добры трэнер (Зміцер Краўчанка — Еўрарадыё). Астатніх асабліва не ведаю.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, хто павінен працаваць са зборнай: айчынны спецыяліст ці замежны?

Уладзімір Крыкуноў: Патрэбны проста спецыяліст, усё роўна адкуль. Калі замежнік узначаліць зборную Расію па хакеі, то гэта будзе нешта ненармальнае, не зусім добра. А для Беларусі гэта можа быць канадзец, амерыканец, швед, фін, рускі, чэх ці славак. Галоўнае не памыліцца, бо стаіць задача, каб на чэмпіянаце ў 2014 годзе была добрая зборная.

Еўрарадыё: Можа быць, вы ўзначаліце зборную Беларусі не сёння, а праз год?

Уладзімір Крыкуноў: Магчыма. Але трэба ўсё рыхтаваць ужо зараз. Сітуацыя, дарэчы, такая ж, як у Расіі. Трэба маладых хлопцаў падымаць, часу даволі мала. Ведаю, што ў Беларусі шмат такіх таленавітых хлопцаў расце. Трэба зрабіць такую каманду, каб не памыліцца, і каб яна не была вельмі старой. Падыходзіць новае пакаленне. Зараз у Беларусі шмат каткоў, ёсць каманды. З маладых гульцоў трэба рабіць новую зборную.

Еўрарадыё: За які вынік можна змагацца на бліжэйшых турнірах і чэмпіянаце свету 2014?

Уладзімір Крыкуноў: Я лічу, што можна выходзіць у васьмёрку. Ужо праглядзеў усіх магчымых кандыдатаў у зборную. Можна зрабіць добрую каманду і паказаць добры вынік.

Еўрарадыё: А якія пазіцыі ў цяперашняй беларускай камандзе вас не задавальняюць?

Уладзімір Крыкуноў: Пазіцыя варатара мяне крыху насцярожвае. Магчыма, трэба камусьці даваць грамадзянства. Абарона добрая. Проста трэба працаваць два гады з гэтымі хакеістамі. У 2014 годзе Грабоўскі з Касціцыным будуць у вельмі салідным узросце, а яны лідары зборнай на дадзены момант. Яшчэ і Калюжны, можа, згуляе, які вельмі кваліфікаваны рэжымны хакеіст. Гэта касцяк. Да іх трэба маладых гульцоў.

Фота: hclokomotiv.ru