Курс долара ў турфірмах перавысіў 5000 рублёў
Беларускія турфірмы павышаюць курс долара пры продажы турыстычных пуцёвак, спрабуючы засцерагчы сябе ад праблем на валютным рынку.
На 21 красавіка сярэдні курс долаяра для ахвочых набыць пуцёўку ў кампаніі "АлатанТур" склаў 5000 беларускіх рублёў. Як паведаміў БелаПАН намеснік дырэктара па турызме кампаніі Ігар Шаршуноў, ён вагаецца ў залежнасці ад курсу долара адносна беларускага рубля ў партнёраў кампаніі. Напрыклад, заяўлены курс на афіцыйным сайце кампаніі "Тэз Тур" — 5000 рублёў. Шаршуноў адзначыў, што гэтулькі высокі курс — "гэта агульная тэндэнцыя" для турфірмаў, якія імкнуцца засцерагчы сябе ад праблем на валютным рынку.
Паводле яго слоў, пакупнікі, у якіх няма валюты, часцяком не гатовыя аплачваць тур беларускімі рублямі па такім курсе, у выніку паток кліентаў скараціўся.
Начальнік аддзела маркетынгу кампаніі "Сані Трэвел" Алеся Асаёнак паведаміла, што на 21 красавіка курс долара для ахвочых набыць тур склаў 5200 беларускіх рублёў, прычым ён увесь час змяняецца ў залежнасці ад сітуацыі.