Літоўская фірма бясплатна апранула беларускіх баскетбалістак

Напярэдадні ад’езду жаночай зборнай па баскетболе на чэмпіянат Еўропы галоўны трэнер каманды Анатоль Буяльскі раскрытыкаваў Федэрацыю баскетбола і выказаў прэтэнзіі да выбару спонсараў. Еўрарадыё высветліла, хто фінансуе зборную.

“Я сам займаўся баскетболам з 1970 года ці раней. Гуляў разам з Буяльскім, таму добра ведаю федэрацыю баскетбола. Таму гэта маё асабістае жаданне дапамагчы зборнай, дапамагчы краіне”, — гаворыць прадстаўнік японскай карпарацыі “Амрон” ў Беларусі Уладзімір Цяльпук.

Карпарацыі “Амрон”, якая распрацоўвае медыцынскую тэхніку, стала спонсарам зборнай зусім нядаўна. Згодна са словамі Уладзіміра Цяльпука, дзяржаўнае фінансаванне зборнай значна меней за спонсарскую дапамогу. Таму на 100 працэнтаў задаволіць патрэбы каманды сіламі адной кампаніі нельга, тым больш у цяперашніх эканамічных умовах.

“Але калі каманда зойме месца не ніжэй за трэцяе, то фінансаванне з боку “Амрона” будзе значна павялічана”.

Асноўны спонсар зборнай — “Мілавіца”. Як даведалася Еўрарадыё, з вытворцам жаночай бялізны быў заключаны кантракт на два гады, згодна з якім камандзе выдзелілі 400 мільёнаў рублёў. Але пасле дэвальвацыі гэтыя грошы абясцэніліся.

Па словах намесніка старшыні Беларускай федэрацыі баскетбола Валерыя Гарэлікава, адно мыццё формы каштуе 30 еўра, а запіс з гульнёй суперніка — 15 еўра. А за апошні чэмпіянат свету было выдаткавана 4500 еўра. Гэта пры тым, што харчаванне, жыццё і перамяшчэнне звычайна забяспечвае прымаючы бок.

Пашанцавала камандзе хіба што з формай. Вядомая літоўская фірма Tuta распрацавала ўнікальны дызайн спадніц для баскетбалістак, з-за якіх цікавасць да каманды значна ўзрасла. Літоўцы ўжо некалькі год апранаюць беларускую зборную бясплатна (гульнявая форма каштуе 40-50 еўра).

“На такіх умовах працуем толькі з Беларуссю. Форму Tuta набываюць зборныя Румыніі, Балгарыі, Даніі. Але за грошы”, — тлумачыць супрацоўнік Tuta. Згодна з яго словамі, некаторым камандам спартовыя брэнды плацяць грошы самі. Так, самай дарагой у плане рэкламы лічыцца Францыя.

“Дарагая зборная ў плане рэкламы — Францыя. Іх апранае Nike, таму што Францыя — цікавы рынак. Рынак Літвы для Nike нецікавы, але кампаніі цікава працаваць з гэтай зборнай дзеля прэстыжу. Зборнай Літвы Nike плаціць разоў у 5 менш, чым Францыі”.

Літоўцы кажуць, што беларуская зборная зараз з’яўляецца тварам Tuta ў Еўропе.

Фота: udf.by