Лукашэнка можа не прыехаць у Кіеў?
Кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Беларусі Павел Лёгкі не пацвердзіў дакладна прысутнасць Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеве 1 ліпеня на фінале Еўра-2012.
"Прэзідэнт запрошаны ў Кіеў. Для тых, хто вельмі хвалюецца з нагоды прысутнасці ці адсутнасці Аляксандра Лукашэнкі на матчы, раю ўключыць у нядзелю тэлевізар (падчас трансляцыі фіналу) і атрымаць адказ на сваё пытанне", — сказаў Лёгкі ў каментары Інтэрфаксу.
Нагадаем, што раней агучанае рашэнне беларускага лідара ехаць у Кіеў на фінал Еўра-2012 выклікала незадаволенасць у еўрапейскіх палітыкаў. Напрыклад, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што польскі прэзідэнт Браніслаў Камароўскі, як і іншыя кіраўнікі еўрапейскіх краін знойдуць “адпаведную форму зносінаў” з Аляксандрам Лукашэнкам на фінале Еўра-2012, нават калі гэта будзе няпроста.
Ён таксама лічыць, што Лукашэнку “павінна быць сорамна паказвацца на фінале ў Кіеве”, перадае ukrinform.ua “Тое, што свет думае аб сітуацыі ў Беларусі, з’яўляецца нязручнасцю для Лукашэнкі… Дзе б ён не з’явіўся, няхай яму будзе сорамна. Гэтым разам няхай яму будзе сорамна на стадыёне ў Кіеве”, — падкрэсліў Дональд Туск.