Лукашэнка: не магу зразумець, чаму чужы транспарт таннейшы, чым свой
Кіраўнік дзяржавы напярэдадні сустрэўся з гендырэктарам Беларускай калійнай кампаніі Валерыем Івановым.
Гаворка ішла пра магчымасць арганізацыі марскіх перавозак грузаў уласнымі сіламі.
"Я неяк не магу зразумець нейкія развагі, чыста беларускі варыянт, што калі мы будзем самі вазіць, то гэта можа быць і не танней, чым у іншых перавозчыкаў, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Гэта значыць на сваёй машыне або на сваім судне перавозіць ледзь не даражэй атрымліваецца, на думку ўрада, чым на чужым транспарце. Вось я ніяк гэтага не магу зразумець. Хоць усё ж залежыць ад нас. Калі ў нашых руках тавар, у нашых руках аўтамабіль або судна, то мы гэта ўсё і рэгулюем. Як можна тут атрымаць менш прыбытак, даход, чым супрацоўнічаць з чужымі? Я ніяк не магу зразумець".
Лукашэнка нагадаў, што Беларусь перавозіць дзясяткі мільёнаў тон грузаў, у тым ліку "траціну ці чвэрць" марскім шляхам. Ён прапанаваў разлічыць, як можна на гэтым зарабіць "някепскія грошы".
Фота — БЕЛТА