Люблін стаў кулінарнай сталіцай Еўропы
8-9 верасня ў гэтым польскім горадзе праходзіць "Еўрапейскі фэст смаку".
Як паведамляе Польскае радыё, гэта ўжо чацвёрты такі фэст, які штогод імкнецца паказаць усю разнастайнасць і кулінарныя традыцыі краін Еўропы, самой Польшчы, а заадно і Люблінскага ваяводства. Дарэчы, Брэсцкая вобласць Беларусі і Валынская вобласць Украіны ўтвараюць з Люблінскім ваяводствам Еўрарэгіён "Буг".
Сёлета "Еўрапейскі фэст смаку" праходзіць пад лозунгам "Люблін — Праванс Усходу". Аўтар гэтай ідэі — Павел Патарочын, дырэктар Інстытута Адама Міцкевіча. Ён падкрэслівае, якім важным элементам любой культуры з'яўляецца мастацтва дэгустацыі. Прычым гаворка ідзе не толькі пра падрыхтоўку ежы, а нашмат шырэй — аж да "дэгустацыі жыцця".
На фэст запрошаныя знакамітыя шэф-кухары з краін Еўропы, а таксама кулінарныя журналісты, мастакі, творчыя калектывы. Агулам у культурнай праграме — 60 разнастайных падзеяў, у тым ліку канцэрты балканскай і ўкраінскай музыкі, мастацкія выставы, семінары, конкурсы і школы кулінарнага майстэрства.
Фота — Wikimedia