Махляр вымагаў хабар для адміністрацыі прэзідэнта — мільёны долараў
Дырэктару інвестыцыйнай кампаніі выстаўленае абвінавачанне ў вымагальніцтве хабару і ў махлярстве на агульную суму каля 10 мільёнаў долараў.
Крымінальная справа была распачата яшчэ ў верасні 2012 года. Дырэктар адной з кампаній вымагаў у замежнікаў хабар у памеры 5 млн долараў для службовых асобаў Адміністрацыі прэзідэнта і Мінскага аблвыканкаму. Грошы нібыта былі патрэбныя за вырашэнне пытання аб набыцці ва ўласнасць 279 гектараў зямлі каля вёскі Лапаровічы (раён Мінскага мора). Прычым перадаваць грошы махляр нікому не збіраўся.
Якраз "забуксаваў" буйны праект па пабудове там элітнага пасёлка, агульны аб'ём інвестыцый мусіў скласці каля 430 мільёнаў еўра, але грошай не было. Чэшскія інвестары ад удзелу ў праекце адмовіліся, а яшчэ перад гэтым згаданы дырэктар-махляр прапаноўваў ім даць хабар чыноўнікам Адміністрацыі прэзідэнта ў памеры 3,4 млн еўра. Для прыняцця рашэння аб выдзяленні зямлі. Але Мінаблвыканкам неўзабаве прыняў гэтае рашэнне без ніякіх хабараў, паведамляе "Ежедневник".