Маладафронтаўцы аблілі валер'янкай помнік Леніну ў сталіцы
Акцыю "кашачага пратэсту" яны правялі ўначы.
Сайт mfront.net паведамляе, што "мэта акцыі — заахвоціць катоў і котак з навакольных тэрыторыяў прыйсці пад помнік тырану і "выказаць свае пачуцці".
Маладафронтаўцы нагадваюць, што ў 1977 годзе на 60-ю гадавіну савецкай улады невядомыя аблілі валяр’янкай трыбуну перад помнікам Леніну ў горадзе Уральску. З-за вялікай колькасці катоў, якія збегліся на месца святкавання, урачыстасці былі сапсаваныя.
Паведамляецца, што актывіст зарэгістраванага ў Чэхіі "Маладога фронту", былы палітвязень Уладзімір Яроменак учора быў затрыманы аховай Дома ўраду каля помніка падчас падрыхтоўкі да акцыі. Яго будуць судзіць 8 лістапада. Летась маладафронтаўцы закідалі помнік Леніна яйкамі.
У Беларусі сёння святочны дзень — адзначаюцца 95-я ўгодкі кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ў Петраградзе. Тады ўладу ў сталіцы Расійскай імперыі захапілі бальшавікі на чале з Уладзімірам Леніным. Атрымаўшы перамогу ў грамадзянскай вайне, яны стварылі СССР, які праіснаваў да 1991 года. Ахвярамі савецкіх карных органаў сталі дзясяткі мільёнаў грамадзян, а сярод іх і беларусаў, рэпрэсаваных у гады савецкай улады. Аднак 7 лістапада ў нашай краіне па-ранейшаму афіцыйна застаецца святочным днём.
Фота — bymedia.net