Малады беларус купіў планшэт на неіснуючыя грошы (фота)
Мінская міліцыя затрымала 24-гадовага жыхара сталіцы. Яго падазраюць у махлярскіх дзеяннях.
Як паведамляе прэс-служба сталічнай міліцыі, у інтэрнэце малады чалавек знайшоў аб'яву аб продажу планшэта. Ён стэлефанаваўся з прадаўцом і дамовіўся пра кошт — 400 долараў. Аднак уладальніку планшэта падчас сустрэчы хлопец сказаў, што ў яго няма беларускіх грошай і прапанаваў расійскія — 15 тысяч (3 купюры па 5000 рублёў). Прычым, яшчэ атрымаў рэшту ў беларускіх рублях — 1 млн 100 тысяч.
Пры абмене "расійскіх грошай" былому ўладальніку планшэта паведамілі, што купюры 1992 года ўжо не выкарыстоўваюцца і не прымаюцца для аплаты. Міліцыя даволі хутка знайшла зламысніка і цяпер правярае, ці не адзначыўся ён і ў іншых справах.
Фота — guvd.gov.by