МВФ прапаноўвае беларускім уладам правесці дэвальвацыю рубля

Пра гэта гаворыцца ў дакладзе персаналу МВФ, падрыхтаваным паводле вынікаў працы агляднай місіі фонду з 25 студзеня па 2 лютага ў Мінску, паведамляе БелаПАН.

"Улады ўсведамляюць рызыкі, з якімі яны маюць справу, але лічаць, што змогуць фінансаваць дэфіцыт рахунку наяўных аперацый у 2011 годзе шляхам продажу актываў і знешняга запазычання, а ў далейшым пяцігадовы план можа забяспечыць знешнюю стабільнасць і высокія тэмпы росту без прыняцця рашучых мер, прапанаваных персаналам МВФ", — гаворыцца ў дакладзе.

"Калі Беларусь страціць доступ да фінансавання, рэзервы могуць зменшыцца хутчэй, чым чакаецца. Страта рэзерваў можа прывесці да страты кантролю над абменным курсам і спарадзіць дэстабілізуючую спіраль аслаблення курсу валюты і інфляцыі, банкаўская сістэма можа зведаць рызыкі, а вытворчасць — збоі", — тлумачаць эканамісты фонду.

Каб абмежаваць непасрэдныя рызыкі, персанал МВФ рэкамендаваў зрабіць больш жорсткай падаткова-бюджэтную і грашова-крэдытную палітыку, дапусціўшы зніжэнне абменнага курсу да ніжняй мяжы калідора, і спыніць даванне ліквіднасці банкам на нярынкавых умовах.

МВФ падкрэсліў "тэрміновую неабходнасць спыніць запазычанне НБРБ у замежнай валюце ў камерцыйных банкаў і давесці рэзервы да больш прымальнага ўзроўню шляхам макраэканамічнай карэкціроўкі". Нацбанк пагадзіўся з гэтым і заявіў, што не павялічыць назапашаны аб'ём такіх пазыкаў да канца 2011 года, хаця можа павышаць узровень запазычання на працягу года.

Персанал МВФ рэкамендаваў Нацбанку ўстрымлівацца ад выкарыстання адміністрацыйных мер для абмежавання попыту на інвалюту.

фота: noutati.md