МВФ прапануе Беларусі дэвальваваць рубель

Такі пункт гледжання выказала ў інтэрв’ю "Прайм-ТАСС" пастаянны прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду у Беларусі Наталля Калядзіна. "Рост крэдытавання ў Беларусі ў 2011 г. працягвае заставацца вельмі значным, і неабходна зрабіць захады для яго запаволення, з тым каб паменшыць попыт на замежную валюту", — сказала Калядзіна.

Яна адзначыла, што ў 2010 г. адбылося рэзкае аслабленне грашова-крэдытнай і падаткова-бюджэтнай палітыкі ў Беларусі, а таксама значнае павышэнне заработнай платы ў рэальным выражэнні, што прывяло да павелічэння дэфіцыту рахунку па бягучых аперацыях, паведамляе Хартыя-97.

Адказваючы на пытанне, якім чынам, на яе погляд, улады маюць намер спраўляцца з гэтай сітуацыяй, Калядзіна выказала здагадку: "У мінулым годзе ўлады вырашалі гэтую праблему шляхам замежных запазычанняў і вызначаных паступленняў ад прыватызацыі (у 2010 г. паступіў апошні транш "Газпрома" за пакет ў "Белтрансгазе"). Сёлета ўлады плануюць скараціць дэфіцыт па міжнародным гандлі, але мяркуюцца і паступленне даходаў ад прыватызацыі, а таксама запазычанні". "Мы лічым, што для скарачэння дэфіцыту гандлю патрабуецца макраэканамічная карэктоўка, — адзначае прадстаўнік МВФ. — Новыя замежныя пазыкі павінны садзейнічаць павелічэнню золатавалютных рэзерваў, што магчыма, толькі калі гандлёвы дэфіцыт пачне скарачацца. Гэта можа быць дасягнута толькі пасродкам узмацнення жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі і больш гнуткай курсавой палітыкі". . Яна падкрэсліла, што ўстаноўлены на 2011 г. калідор ваганняў беларускага рубля да кошыка валют (плюс-мінус 8%) прадастаўляе пэўныя магчымасці для правядзення гнуткай палітыкі курсаўтварэння.

Паводле словаў Калядзінай, адначасова з увядзеннем больш жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі павінны прымацца меры па ўзмацненні падаткова-бюджэтнай палітыкі, што дапаможа ў больш доўгатэрміновай перспектыве і вызваліць пэўны рэсурс для развіцця прыватнага сектара.