На Брэстчыне бэз пераблытаў восень з вясной
У кустоў гэтай расліны набрынялі пупышкі. Яны спаборнічаюць са старымі лістамі, якія месцамі засталіся зялёнымі.
Такая метамарфоза адбылася ў цэнтры рэгіёну, а таксама ў адной з вёсак на Пружаншчыне, на паўднёвым ускрайку вялікага тарфянога масіву. Эколаг Віктар Дзямянчык тлумачыць гэта так:
“Радзіма бэзу — Высокія Балканы. Гэта такі малы арэал — Балгарыя, Югаславія. А ўмовы там — спёка ці холад. Таму гэтыя расліны маюць такую асаблівасць: калі спёка, яны ўпадаюць у летнюю спячку. Але як толькі клімат настройваецца аптымальна, абменныя працэсы абуджаюцца, і бэз пачынае распускацца”.
Калі бэз развінецца, старыя лісты абляцяць. Натуральна, вегетацыя перад самай зімой непажаданая, сказаў эколаг.
Між тым, сіноптыкі прагназуюць на наступным тыдні тэмпературу на 3-6 градусаў вышэй за норму. Такое бывае раз у 20– 30 гадоў.
Нагадаем, летась зімой падобная з’ява назіралася ў Брэсце. Зялёныя пупахі і нават лісты выгналі сям-там бэз і ясень. Прычынай было анамальнае цяпло.

