На будоўлях да “Дажынак” масава парушаюць правілы бяспекі
За апошнія месяцы на будоўлях, якія вядуцца да “Дажынак” у Горках, адбылося сем няшчасных выпадкаў. Прычым два з іх — цяжкія.
Начальнік Горацкай міжраённай інспекцыі аховы працы Уладзімір Дзюрыч лічыць, што прыйшоў час біць ва ўсе званы, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна" са спасылкай на газету “Горацкі веснік”.
Па словах Дзюрыча, у Горках няма аб’екта, дзе б не парушаліся правілы бяспекі. Паўсюдна людзі працуюць без спецвопраткі, ахоўных касак, страховачных пасаў, бетоншчыкі з піламі — без акуляраў і ботаў. Рыштаванні на шасцімятровай вышыні стаяць на дзвюх цаглінах і без якога-небудзь мацавання да сценаў. Калі працоўныя па іх ходзяць, рыштаванні разгойдваюцца, як арэлі.
Будаўнікі з арганізацый розных раёнаў Магілёўшчыны, занятыя на гэтых працах, кажуць, што на іх скаргі пра парушаныя нормы бяспекі кіраўнікі не звяртаюць ніякай увагі.
Фота — novostrojka.by