На допыце актывістку БХД частавалі ўлюбёнай гарбатай

Зранку Каменева прыехала ў КДБ са сваім адвакатам, аднак у яго прысутнасці на допыце было адмоўлена, паведамляе прэс-служба БХД.

Допыт цягнуўся каля гадзіны, пра яго змест актывіст "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі" распавесці не змагла, бо дала падпіску аб неразгалошванні. Яна толькі адзначыла, што чэкісты цікавіліся не толькі падзеямі 19 снежня, але і ўласна БХД.

Да яе прыходу супрацоўнікі відавочна рыхтаваліся. У памяшканні для допыту на стале ляжала біблія, на сценах былі развешаныя календары з беларускімі храмамі, а на дзвярах вісела бел-чырвона-белае сэрцайка-валянцінка з акцыі, якую калісьці ладзіла Моладзь БХД супольна з "Маладым фронтам".

Следчы запэўніў дзяўчыну, што ведае пра яе амаль усё і... прапанаваў кубак зялёнай гарбаты без цукру — як яна любіць.