На допыце ў КДБ праваабаронца паведаміць аб парушэннях на выбарах
Жодзінскага праваабаронцу Ўладзіміра Целепуна чакаюць заўтра на допыт у мясцовым КДБ. Да маючай адбыцца гутаркі аб падзеях 19 снежня ён як след падрыхтаваўся.
Целяпун збіраецца дапоўніць тэму аб "масавых беспарадках" на Плошчы сваімі сведчаннямі аб тым, якія "беспарадкі" адбываліся ў ходзе выбарчай кампаніі. Прычым не толькі мінулай прэзідэнцкай, але і парламенцкай 2008 года.
"Вазьму ўсе свае скаргі і адказы на іх, якія атрымліваў ад адказных асобаў, каб паказаць — у Беларусі не выконваецца выбарчае заканадаўства, парушаюцца правы грамадзянаў. Усё гэта і з'яўляецца прычынай незадаволенасці людзей, якое выводзіць іх на Плошчу, каб мірным шляхам выказаць свой пратэст", — заявіў Целяпун праваабарончаму цэнтру "Вясна”.