На Міншчыне будуць змагацца з незаконнай прапіскай

70-80% людзей, якія нібыта мелі права на паляпшэнне жыллёвых умоваў, беспадстаўна атрымалі ў Мінскай вобласці ўчасткі для будаўніцтва. Такую інфармацыю падае начальнік упраўлення Генпракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства Павел Радзівонаў. Гэта здарылася, бо людзей масава, асабліва ў Мінскім раёне, рэгістравалі па фіктыўных дамовах найму. У выніку мінчукі, а таксама жыхары іншых рэгіёнаў станавіліся на чаргу, хоць ніколі не пражывалі ў тых населеных пунктах.

Напрыклад, у інтэрнаце інстытуту анкалогіі ў Бараўлянах пры норме ў 700 чалавек зарэгістравана 1 200. Гэта рабілася дзеля атрымання ўчастка пад будаўніцтва ці льготнага крэдыту на кватэру. Апроч таго, распачатая крымінальная справа ў дачыненні прадпрымальніка, які зрабіў фіктыўную рэгістрацыю ў Мінску і Мінскім раёне для болей як 4 тысяч чалавек, паведамляе БЕЛТА.