На Полаччыне лавілі ракаў на хуткасць (фота)

Удзельнікам спаборніцтваў за тры хвіліны трэба было пахапаць як мага болей ракаў са дна возера. У індывідуальным заліку перамог Зміцер Кавалеўскі (на здымку) — ён злавіў адзінаццаць ракаў. Дарэчы, гэты хлопец — прафесіянал, займаецца развядзеннем тых самых ракаў на адным з прадпрыемстваў Полаччыны.

А ў камандным заліку лепшай стала каманда філіяла "Віцебскэнерга": хлопец і дзяўчына злавілі аж 17 ракаў.

Дарэчы, ракаў арганізатары спаборніцтва прывезлі і раскідалі яшчэ напярэдадні. Цікава, што ўлоў ва ўдзельнікаў забралі і некуды павезлі. Кажуць, што ракаў адпусцяць недзе на іншым возеры, каб жылі і пладзіліся.