Набываць элітны алкаголь у Мінску выгадней, чым у duty free

У “Кюве” на Карла Маркса яшчэ шмат напояў па старых коштах. Але новы тавар прыходзіць па новых.

За літровую бутэльку рому Bacardi Superior у “Кюве” давядзецца заплаціць 135 тысяч рублёў. А 0,7-літровая бутэлька віскі “Джон Уокер Блэк лэйбл” каштуе 240 тысяч рублёў.

У “Штопары” ля вакзалу кошты на віскі ўжо пералічылі. Але бутэльку “Джон Уокер Блэк лэйбл”(0,75 літра) можна набыць па старым кошце – 195 900 рублёў.

Да таго, у “Штопары”, у параўнанні з іншымі крамамі, недарагая гарэлка “Фінляндыя”. Літровая бутэлька каштуе 120 тысяч рублёў.

У “Амацісце” насупраць брытанскай амбасады яшчэ шмат алкаголю па старых коштах. Паўлітровы брэндзі “Метакса” абыйдзецца меней за 65 тысяч рублёў. Яшчэ ў “Амацісце” недарагі “Егермейстэр” – каштуе крыху меней за 122 тысяч рублёў за 0,7 літра.

Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся коштамі на алкаголь у краме duty free. У “Дып маркеце” у мінскім аэрапорце літр Bacardi каштуе 24 еўра пры разліку рублямі. Па курсе Нацбанку гэта эквівалентна 108 тысячам рублёў. Калі аплачваць валютай, то трэба аддаць 16 еўра. Такім чынам, курс еўра ў “Дып маркеце” складае 6750 рублёў за долар.

Калі пералічыць па такім курсе кошт “Бакардзі” у “Кюве”, то літровая бутэлька будзе каштаваць 20 еўра.

“Метаксу” у “Дып маркеце” можна набыць за 13 еўра валютай ці 20 еўра рублямі. Пры вышэй названым курсе кошт “Метаксы” у “Амацісце” будзе складаць 10,5 еўра, што нават танней, чым у duty free.

Віскі “Джон Уокер Блэйк лэйбл” у мінскім аэрапорце каштуе 42 еўра, пры разліку рублямі, і 28 еўра, калі аплачваць валютай. Пры курсе 6750 рублёў за еўра тая ж самая 0,7-літровая бутэлька ў “Штопары” будзе каштаваць 29 еўра. Амаль столькі ж, як і ў краме duty free.

Але танны алкаголь на паліцах крамаў будзе стаяць не доўга. Прадаўцы кажуць, што новыя партыі прыходзяць па новых коштах. А ў бліжэйшы час будуць пераацэненыя ўсе напоі, якія яшчэ не паспелі падаражэць.