Намеснік Ладуцькі не прызнае сябе вінаватым
Ігара Васільева вінавацяць у атрыманні буйнога хабару.
Працэс над былым першым намеснікам старшыні Мінгарвыканкаму ідзе ў Мінскім абласным судзе.
Дзяржаўны абвінаваўца зачытаў абвінавачванне, аднак падсудны не прызнаў сябе вінаватым. "У такой фармулёўцы абвінавачвання я не прызнаю сябе вінаватым у поўным аб'ёме", — перадае БЕЛТА словы Васільева. Нагадаем, што на папярэднім следстве чыноўнік прызнаваў сваю віну, як паведамлялі самі следчыя.
Ён сказаў суду, што падчас затрыманні і расследаванні былі не цалкам улічаныя яго правы і не быў праведзены аб'ектыўны разгляд яго справы. Васільеў таксама папрасіў даць яму магчымасць усё растлумачыць. Суд пастанавіў найперш дапытаць абвінавачванага, затым сведак, потым даследаваць рэчыўныя доказы.
Паводле абвінавачвання, Васільеў вымагаў хабар у 500 тысяч долараў у прадстаўнікоў кансорцыўма чэшскіх фірмаў. За гэта ён мусіў дапамагчы з падпісаннем інвестыцыйнай дамовы на будаўніцтва ў Мінску смеццеперапрацоўчага прадпрыемства. Агульны кошт праекта складаў больш за 30 мільёнаў долараў.
Фота — belta.by