Нацыянал-бальшавікоў будуць судзіць за локшыны, выплюхнутыя на БТ
На Яўгена Контуша і Уладзіслава Лобава склалі адміністрацыйныя пратаколы за дробнае хуліганства.
Нагадаем, што абодвух міліцыянты затрымалі сёння зранку. Міліцыянты падазраюць, што менавіта гэтыя хлопцы 3 снежня правялі акцыю пратэсту каля будынка Белтэлерадыёкампаніі. Тады яны выплюхнулі на ганак каля цэнтральнага ўваходу ў будынак вядро з локшынамі. Таксама яны раскідалі ўлёткі, у якіх гаворыцца, што БТ не дае праўдзівай інфармацыі, а робіць палітычна ангажаваныя рэпартажы. "Ешце самі свае локшыны, мы жадаем атрымліваць праўдзівую і сумленную інфармацыю пра аб'ектыўную рэальнасць!" — адзначалася ва ўлётцы.
Як інфармуе БелаПАН, Лобава з міліцыі адпусцілі, бо ён непаўналетні. Яго справу будзе разглядаць адміністрацыйная камісія па справах непаўналетніх. А Яўгена Контуша будуць судзіць сёння ў судзе Першамайскага раёна сталіцы.