Падчас разгону фанатаў “перапала” нават футбалісту “Дынама” (відэа)
Як даведалася Еўрарадыё, здарэнне ў Бабруйску міліцыя абмяркуе з федэрацыяй футбола, а фанаты плануюць напісаць скаргу на дзеянні спецназа.
27 красавіка дзеянні спецназу на футбольным матчы зноў выклікалі абурэнне фанатаў. Выпадак здарыўся ў Бабруйску падчас матчу мясцовай “Белшыны” супраць сталічнага “Дынама”. Калі Лядзесма на 67-й хвіліне забіў пераможны гол, “дынамаўцы” падбеглі да фанацкага сектару, каб адсвяткаваць разам з фанатамі. Заўзятары таксама спусціліся бліжэй да гульцоў. Аднак паціснуць рукі футбалістам не дазволіў спецназ. На відэа з матчу бачна, як сілавікі паліваюць фанатаў нейкім спрэем. Заўзятары ўпэўненыя – гэта быў газ.
“Калі нашы забілі трэці гол, яны падбеглі да нас, да рэкламных шчытоў, — узгадвае інцыдэнт Вадзім, які быў на фанацкім сектары “Дынама”. — Мы ў сваю чаргу падбеглі да футбалістаў, аддзячыць. У гэты час АМАП пачаў нас адціскаць, а пасля выкарыстаў слезацечны газ. На сектары быў дзіцёнак 5 год. Я з яго бацькам яшчэ не размаўляў, але пасля інцыдэнту бацька вынес яго з сектара, і яны адразу некуды з’ехалі”.
Пасля здарэння фанаты пачалі скандзіраваць: “Ненавідзім рэжым”. Цяпер жа яны рыхтуюць скаргу ў федэрацыю футбола на дзеянні міліцыянтаў. А вось самі праваахоўнікі сцвярджаюць, што газ ніхто не ўжываў. Заўзятараў проста не пусцілі на поле.
“Спрабавалі выбегчы на поле, але іх спынілі. Заўзятараў шмат, а футбалісты крыху правакуюць іх. Такі блізкі падыход, адразу адзін паспрабаваў выбегчы на поле. Мы для таго і стаім, каб такія дзеянні спыняць”, – патлумачыў Еўрарадыё дзеянні міліцыі намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Магілёўскага аблвыканкама Зміцер Паркоў.
Нічога надзвычайнага не зафіксаваў і інспектар матчу Алег Чыкун:
“Пасля матчу я размаўляў з начальнікам праваахоўных органаў, з чалавекам, які знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці. Ён мне даў інфармацыю, што ніякай каманды на выкарыстанне газавых сродкаў не было, і яны не маглі быць выкарыстаныя. Вось такі адказ я атрымаў і запісаў у рапарт. Я знаходзіўся ў абсалютна іншым баку, на процілеглай трыбуне. Мы глядзелі пасля плёнку. Нешта падбеглі, таго фаната, які перамахнуў праз агароджу, лакалізавалі. Там ёсць святкаванне гола, а ўжывання газавых сродкаў там увогуле не відаць”.
Між тым ад міліцыянтаў дасталася не толькі фанатам. Па словах прэс-аташэ “Дынама” Алега Сабалеўскага, крыху “перапала” і футбалісту Міхаілу Афанасьеву.
“Яму нават крыху перапала гэтага газу. Доктару нават казаў. Проста быў вецер, і не выключана, што ў яго магло патрапіць. Але гэта нідзе ў пратаколе не зафіксавана. Мы самі сядзелі на процілеглым баку і не бачылі. Потым, ужо пасля матчу, нам пра ўсё расказалі заўзятары”.
Афіцыйна клуб пакуль ніяк не адрэагаваў на здарэнне ў Бабруйску. У міліцыі ж Еўрарадыё распавялі, што хутка эпізод будзе абмеркаваны сумесна з федэрацыяй футбола і, магчыма, з футбалістамі.
Фота: dmn-ultras.livejournal.com