Палова іншагародніх студэнтаў застанецца без інтэрнатаў
Прынамсі, у такіх сталічных універсітэтах, як БДУ і БНТУ.
У Студгарадку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта першымі ў інтэрнаты пачнуць засяляць другакурснікаў — 27 жніўня. Колькі дакладна іншагародніх студэнтаў атрымаюць месца ў інтэрнаце, тут пакуль не ведаюць, бо факультэты ВНУ яшчэ не паведамілі, колькі іншагародных дзяўчат і юнакоў сталі студэнтамі БДУ. Ва ўніверсітэце кажуць, што месца атрымае прыкладна палова студэнтаў.
Як інфармуе БЕЛТА, у інтэрнатах Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта месцы ёсць толькі для кожнага трэцяга. Кіраўніцтва мяркуе рассяляць студэнтаў звыш нормы і засяліць прыкладна 60% іншагародніх.
Некаторыя вну змясцілі на афіцыйных сайтах інфармацыю пра засяленне студэнтаў. Так, Беларускі дзяржаўны педуніверсітэт імя Максіма Танка паведамляе, што месцы ў інтэрнаце атрымаюць усе іншагароднія першакурснікі дзённай формы навучання. На сайце Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта навасельцы будучага навучальнага года пералічаныя пайменна.