Партыя БНФ: Улады павінны абараняць грамадства ад тэрарызму
А не займацца пераследам сваіх палітычных апанентаў. Пра гэта гаворыцца ў заяве, прынятай 16 красавіка соймам Партыі БНФ.
У дакуменце партыя выказвае спагаду і салідарнасць з усімі пацярпелымі ад тэрарыстычнага акта, што адбыўся ў Мінску 11 красавіка. "Мы смуткуем з сем'ямі кожнага загінулага і жадаем найхутчэйшай папраўкі параненым", — падкрэсліваецца ў заяве.
Разам з тым Партыя БНФ звяртае ўвагу на кампанію па дыскрэдытацыі палітычных апанентаў улады. "Афіцыйныя СМІ тым часам адкрыта выстаўляюць ілжывыя абвінавачанні прадстаўнікам незалежнага грамадства, не даючы ім магчымасць выказацца", — гаворыцца ў дакуменце.
"У свабодным дэмакратычным грамадстве з моцнай грамадзянскай супольнасцю і незалежнымі СМІ праявы ўнутранага тэрарызму фактычна выключаныя, бо інстытуты грамадства з'яўляюцца абаронцамі ад праяў унутранага экстрэмізму і агрэсіі. Пра гэта сведчаць прыклады нашых суседзяў — Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і іншых краін, якія не сутыкаюцца з праявамі тэрору", — гаворыцца ў заяве сойма.
Партыя БНФ патрабуе "ад дзейнай улады неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў, а таксама спыніць кампанію па шальмаванні дэмакратычных сіл Беларусі і націску на незалежныя СМІ".
"Толькі такія дзеянні могуць стаць важнай перадумовай па спыненні расколу ў грамадстве", — гаворыцца ў дакуменце, паведамляе БелаПАН.