ПАСЕ 25 студзеня плануе абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі
Паседжанне Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы адбудзецца ў рамках зімовай сесіі асамблеі ў Страсбургу.
Як інфармуе БелаПАН, на паседжанні будзе прадстаўленая справаздача дакладчыка ПАСЕ па сітуацыі ў Беларусі Андрэса Херкеля. Таксама з дакладам выступіць прадстаўніца камітэта ПАСЕ па юрыдычных пытаннях і правах чалавека нямецкая дэпутатка Марылуіза Бек.
Нагадаем, даклад Херкеля і праект рэзалюцыі абмяркоўваліся 15 снежня на паседжанні палітычнага камітэта ПАСЕ. На думку камітэта, санкцыі Еўрасаюза супраць афіцыйнага Мінску павінны захоўвацца і нават узмацняцца, пакуль не выйдуць на волю палітвязні, не спыніцца ціск і пераслед палітычнай апазіцыі, незалежных СМІ і праваабаронцаў.
Кантакты на высокім узроўні ПАСЕ з беларускімі ўладамі не будуць адноўленыя да ўвядзення ў Беларусі мараторыя на смяротнае пакаранне.